“Ачышчаецца сэрца маё ідучы па Чыстай рацэ” - выставка 09 февраля 2024

2024-02-09 00:00:00

9 лютага 2024 года а 17-й гадзіне ў сяродкрыжжы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Ачышчаецца сэрца маё ідучы па Чыстай рацэ”.

«Ачышчаецца сэрца маё ідучы па Чыстай рацэ...», – гэтыя радкі паэта Лі Бо перыяду праўлення дынастыі Тан (VII–X ст. н.э.) звяртаюць нас да глыбінных пытанняў: што такое мастацтва? Якая яго мэта? Выстаўка заклікана адлюстраваць пэўныя аспекты жыцця традыцыйнага Кітая і перадаць ідэю сінкрэтызму, уласцівага светапогляду кітайцаў.

У экспазіцыю ўключаны больш за 80 твораў з калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Усходу Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (драўляная, фарфоравая і бронзавая скульптура, элементы касцюма, народная кітайская карцінка і каліграфія). Часавы дыяпазон прадстаўленых на выставе прадметаў – XVII– XXIстст.

Шэраг экспанатаў наведвальнікі ўбачаць упершыню, у тым ліку творы кітайскіх майстроў, якія былі падараваны музею ў 2023 годзе Кітайска-еўрапейскім культурна-адукацыйным цэнтрам “Дуноў”.

Тэматычна прастора выставы «Ачышчаецца сэрца маё ідучы па Чыстай рацэ» падзяляецца на тры блокі: вобразы, якія адпавядаюць народнай свядомасці (вераванні ў духаў, сімвалы і знакі народных святкаванняў і г. д.); рэлігійна-філасофскія вобразы (даоскія, канфуцыянскія і будыйскія); вобразы, напрамую звязаныя з саслоўем шы – чыноўніцтвам (каліграфія, знакі чыноўнікаў, касцюмы).

У рамках выставы пройдуць лекцыі і майстар-класы пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Выстава “Ачышчаецца сэрца маё ідучы па Чыстай рацэ” будзе экспанавацца з 9 лютага па 24 сакавіка 2024 г. у выставачным корпусе (вул. К. Маркса, 24, 3-ці паверх, зала 1).

Куратар выставы – Тупчыенка Багдана Мікалаеўна, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.