Выстава “Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм” - выставка 09 сентября 2023

2023-09-09 00:00:00

Жанр: Тематическая

9 верасня а 18-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (выставачны корпус, вул. К. Маркса, 24) у рамках штогадовай акцыі “Вераснёвая ноч”, прымеркаванай да Дня горада Мінска, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм”.

Маштабны выставачны праект адлюстроўвае яркія рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці народнага касцюма шасці этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі (Заходняе Палессе, Усходняе Палессе, Падзвінне, Падняпроўе, Панямонне, Цэнтральная Беларусь), а таксама дэманструе апошнія дасягненні ў вывучэнні гэтага пытання на прыкладзе рэканструкцый элементаў адзення і спосабаў нашэння шматлікіх жаночых галаўных убораў.
На выставе прадстаўлены творы традыцыйнага беларускага ткацтва, беларускай арыгінальнай графікі і беларускай тыражнай графікі, беларускага жывапісу са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама ўнікальныя прадметы з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Сенненскага Дома рамёстваў (філіял ДУК “Сенненскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”), Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору (філіял ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна”) і фотаматэрыялы першай паловы ХХ ст. з прыватнай калекцыі Д. М. Раманюка.

Работа выставы працягнецца да 11 снежня 2023 года

Куратары выставы – Вікторыя Пракошына і Наталля Равуцкая, навуковыя супрацоўнікі навукова-фондавага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.