23 кастрычніка ў 16:30 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі «Рэха вайны: галасы пакаленняў».
На выставе «Рэха вайны: галасы пакаленняў» прадстаўлены работы навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М.А. Кедышкі, у якіх юныя аўтары праз жывапісныя і графічныя формы мастацтва увасобілі сваё бачанне і адчуванне падзей перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Кожная работа — гэта даніна памяці ўдзельнікам таго няпростага ваеннага часу з 1941 па 1945 год.
Экспазіцыя выставы ўключае ў сябе работы 15 лепшых навучэнцаў каледжа, створаныя пад кіраўніцтвам выкладчыка Еляневіч Валерыі Аляксандраўны. Творы маладых мастакоў выкананы ў абсалютна розных тэхніках — ад графікі да гуашавага, акрылавага і алейнага жывапісу. Тэматыка творчых работ разнастайная: подзвігі салдат у моманты баявых дзеянняў, гісторыя спаленай Хатыні, пасляваенныя будні. Глыбока сімвалічныя работы, прадстаўленыя на выставе, ярка і эмацыянальна перадаюць гора і перажыванні людзей, якім выпала жыць у ваенныя гады.
Творчыя работы навучэнцаў каледжа на тэму Вялікай Айчыннай вайны нікога не пакінуць раўнадушным. Пад кожнай работай на экспазіцыі размешчана кароткае апісанне, з якога можна даведацца пра думкі і асабістыя перажыванні маладых мастакоў.
Выстава «Рэха вайны: галасы пакаленняў» будзе экспанавацца па 4 лістапада 2024 г. у галоўным корпусе музея (вул. Леніна, 20).
Куратар выставы — Каберна Маргарыта Аляксандраўна, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Дата премьеры
01 ноября 2024
Место
Художественный музей ул. Ленина, 20